Вітаўт Вялікі | Урокі гісторыі #111

Вітаўт (Вялікі) - адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пры жыцці празваны Вялікім. За часы валадарання Вітаўта Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасці і памераў. Вітаўт вызваліў шэраг зямель ад татарскага ўладарання аж да Чорнага мора. Яго васаламі былі шматлікія валадары, і нават маскоўскі князь называў яго ”Господин и отец мой”. Вітаўт змагаўся і з Тэўтонскім ордэнам. Кульмінацыяй гэтага змагання стала знакамітая Грунвальдская бітва. 15 ліпеня 1410 года пад Грунвальдам саюзнае ліцьвінска-польскае войска ўступіла ў бітву з войскам Тэўтонскага ордэну. Бітва лічыцца адной з найбуйнейшых у гісторыі Сярэднявечнай Еўропы. Тэўтонскае войска на той час было адным з найлепшых у Еўропе, але нашыя продкі атрымалі слаўную перамогу. Моц Тэўтонскага ордэну была зломленая, і ён з таго часу больш не пагражаў землям Вялікага Княства і Польшчы. Намаганнямі Вітаўта паўстала Літоўска-Кіеўская праваслаўная мітраполія на чале з мітрапалітам літоўскім, кіеўскім і ўсяе Русі, сядзібай якога былі Наваградак і Вільня. Вітаўт сустракаўся з Геранімам Пражскім, паплечнікам Яна Гуса, і даў яму дазвол прапаведаваць на тэрыторыі Вялікага Княства. Такім чынам, дзякуючы Вітаўту евангельская вера на Беларусі з’явілася больш за 600 год таму. Самі гусіты — чэшскія прадвеснікі пратэстантаў — нават прапанавалі Вітаўту стаць каралём Чэхіі. Няшмат у гісторыі Беларусі асоб, якія маглі б параўнацца са слаўным князем Вітаўтам. Яго вобраз апяваецца ў песнях, кнігах, карцінах. Сярод іншых, вобраз Вітаўта асабліва заўважны ў знакамітай паэме Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Падпісвайцеся на наш канал і цісніце на званочак, каб не прапусціць новыя відэа.

Смотрите также