Сайт использует сервис веб-аналитики Яндекс Метрика с помощью технологии «cookie». Пользуясь сайтом, вы даете согласие на использование данной технологии.
Якуб Колас ~ Новая зямля ~ Андрэй Каляда ~ Аўдыёкніга
Аўдыёкніга паводле паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" у выкананні Андрэя Каляды. 00:00:08 I. Леснікова пасада 00:14:28 II. Раніца ў нядзельку 00:31:10 III. За сталом 00:47:52 IV. На першай гаспадарцы 01:04:41 V. Пярэбары 01:24:06 VI. Каля зямлянкі 01:41:49 VII. Дзядзька-кухар 01:59:10 VIII. Смерць ляснічага 02:16:40 XI. Новы ляснічы 02:34:20 X. На панскай службе 02:54:41 XI. Дзедаў човен 03:12:43 XII. Сесія 03:35:00 XIII. Падгляд пчол 04:10:42 XIV. Дарэктар 04:27:49 XV. "Начаткі" 04:45:09 XVI. Вечарамі 05:06:10 XVII. Воўк 05:24:42 XVIII. Зіма ў Парэччы 05:40:55 XIX. На рэчцы 05:57:45 XX. Каляды 06:15:29 XXI. Таемныя гукі 06:32:31 XXII. На глушцовых токах 06:49:27 XXIII. Панская пацеха 07:06:22 XXIV. Вялікдзень 07:23:36 XXV. Летнім часам 07:59:25 XXVI. Агляд зямлі 08:29:49 XXVII. Па дарозе ў Вільню 08:53:26 XXVIII. Дзядзька ў Вільні 09:16:01 XXIX. На Замкавай гары 09:32:44 XXX. Смерць Міхала 00:00:13 Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае убогай, К табе я ў думках залятаю І там душою спачываю. О, як бы я хацеў спачатку Дарогу жыцця па парадку Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя,— К вясне б маёй хацеў вярнуцца. Вясна, вясна! не для мяне ты! Не я, табою абагрэты, Прыход твой радасны спаткаю,— Цябе навек, вясна, хаваю. Назад не прыйдзе хваля тая, Што з быстрай рэчкай уплывае. Не раз яна, зрабіўшысь парам, На крыллях сонца дойдзе к хмарам Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе — Ніхто з граніц сваіх не выйдзе, З законаў, жыццем напісаных, Або на дол спадзе ў туманах. Але хто нам яе пакажа? На дол вадой ці снегам ляжа? Не вернешся, як хваля тая, Ка мне, вясна ты маладая!.. 00:02:11 Вось як цяпер, перада мною Ўстае куточак той прыгожа, Крынічкі вузенькае ложа І елка ў пары з хваіною, Абняўшысь цесна над вадою, Як маладыя ў час кахання, Ў апошні вечар расставання. І бачу лес я каля хаты, Дзе колісь весела дзяўчаты Спявалі песні дружным хорам, З работ ідучы позна борам. Нясліся зыкі песень здольных, Ў лясах раз-пораз адбівалісь, І ім узгоркі адклікалісь, І радасць біла ў песнях вольных. А хвоі, елкі векавыя Пад зыкі песень маладыя Маўчком стаялі ў нейкай думе, І ў іх ціхусенечкім шуме Няслось вячэрняе маленне Ўгару, святое аддаленне. 00:03:20 Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі, А елкі хмурымі крыжамі Высока ў небе выдзялялісь, Таемна з хвоямі шапталісь. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Лес наступаў і расступаўся, Лужком зялёным разрываўся; А дзе прыгожыя загібы Так міла йшлі каля сядзібы, Што проста імі б любаваўся. А знізу гэты лес кашлаты Меў зелянюсенькія шаты Лазы, чаромхі ці крушыны, Алешын ліпкіх, верабіны. Глядзіш, бывала, і здаецца, Што скрозь сцяну галін жывую, Скрозь гэту тканку маладую Ні мыш, ні пташка не прабʼецца. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі; Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў, Рабілі многа заваротаў, Аж покі ў Нёман не ўцякалі.