Дыктант / Мікола Гусоўскі / Беларуская мова 9 клас

Мікола Гусоўскі Сярод плеяды слаўных і несмяротных імёнаў эпохі Адраджэння адно з пачэсных месцаў даследчыкі аддаюць Міколу Гусоўскаму — беларускаму паэту-гуманісту і асветніку. Абагульніўшы перадавыя на той час погляды, Гусоўскі стаў адным з выразнікаў сваёй эпохі. Даследчыкі яго творчасці засведчылі, што аўтар «Песні пра зубра» заклікаў да яднання і дружбы розныя народы Еўрапейскага кантынента. Паэма «Песня пра зубра» з'яўляецца выдатным малюнкам нашай гераічнай Бацькаўшчыны. Пейзажы і замалёўкі з натуры, аформленыя пры дапамозе неверагодна маляўнічых фарбаў, перадаюць нацыянальны характар беларусаў, нашу вобразнасць, каларыт. Ці не самым першым у нашай нацыянальнай культуры і літаратуры Мікола Гусоўскі паставіў і развіў праблему захавання прыроднага наваколля, выкарыстання і памнажэння багаццяў зямлі-матухны. Ён бачыў прыроду агульнанародным набыткам, вытокам здароўя, радасці і выхавання патрыятычных пачуццяў і маральных паводзін. У справе выхавання людзей і ўмацавання дзяржавы наш зямляк найперш аддаваў перавагу мастацтву і навуцы. Паэт сцвярджаў непарушнасць прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў тагачаснай народнай этыкі. (145 слоў) Паводле А. Мяснікова.

Смотрите также