Дыктант / Беларуская мова 9 клас #беларускаямова

ТЭКСТ Святло Радзімы Наш родны беларускі край! Ён прыгожы заўсёды, у любую часіну года. I тады, калі светла і ўсхвалявана гамоняць маладым лісцем дрэвы. Калі зялёны колер зямлі, аблашчанай ветрам, радуе вока бязмежнай прагай жыцця. I тады, калі ў кожнай красцы на лугах клапатліва працуюць пчолы. Калі набіраюцца лета і моцы нівы, гадуючы каласы. Калі кветкі, промні і птушыныя песні яднаюцца ў непаўторную мелодыю жыцця. I тады, калі прыкметна цішэе ў прасторах. Калі на палях па-восеньску пахне свежай саломай і новым зернем. Калі шамаціць пад нагамі апалае лісце і жоўты колер пануе ўсюды. I тады, калі зямля робіцца белай-белай. Калі мяцеліцы спяшаюцца хутчэй укрыць ад маразоў кожны карэньчык, кожны парастак. У холад і ў спёку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, летам і зімой ён заўсёды прыгожы, наш родны, наш любы край. (133 словы) Паводле Я. Сіпакова

Смотрите также