Сайт использует сервис веб-аналитики Яндекс Метрика с помощью технологии «cookie». Пользуясь сайтом, вы даете согласие на использование данной технологии.
Сямёра вандроўшчыкаў на рачным беразе. Лоўля спінінгам у цікавай мясціне
Вось дзіва нейкае атрымліваецца: самі жывем ужо пяты год ля невялікай рэчкі, амаль кожны дзень на ёй бываем, але працягвае цягнуць на іншую рачулку за 200 кілометраў, каб пажыць на ёй хоць крыху ў намёце ды на беразе, ды ўсім разам. Сёлета розныя перашкоды не дазволілі гэта зладзіць раней, а ўсё атрымалася ў верасні. Адметнасцю выезду стала тое, што нас было ўжо сямёра: апроч двух сабак – Сімы ды Топы, – коткі Сцешы і ката Сцяпана, ужо звыклых да такога кшталту падарожжаў, далучыўся і новы гадаванец – Альгерд, кацяня, якое пажыла ў нас на той момант літаральна два тыдні. Асаблівага клопату з катамі і сабакамі не мелі, ды й ім, здэцца, было цікава: калі шчэ надарыцца за андатрай паназіраць, ці, напрыклад, у любы час за конікамі паскакаць. Крыху павагаліся наконт выбару мейсца, бо старое па розных прычынах не падыходзіла, і вось ужо абсталёўваем лагер максімальна зручна ды прытульна. Як звычайна, складаецца ён з трох частак, хай будзе “пакояў”: спальнага намёту, шатра, у першую чаргу каб размесціць размаіты паходны рыштунак і схаваць рэчы ад дажджу ці роснай вільгаці, а самім, у дадатак, шчэ і ад камароў уцячы, ды невялікай палаткі без дна, якая выконвае ролю лазенькі. У сёлетнім лагодным верасні, канешне, і ў рэчцы добра атрымалася папялёхацца, але неяк прызвычаіліся мець і дадатковы намёт. Цікава пачалося адразу, бо дзень прыезду абралі адмысловы: адна з прычын – зацьменне месяцу, пра якое шмат тады казалі. І вось сядзім мы, значыцца, увечары на рачным беразе і назіраем, як цень Зямлі хавае поўню. Крыху і паздымаць атрымалася, і нават пачаты раней верш дапісаць, якому, здэцца, вось такога яскравага ўражання якраз і не ставала. Ну а наступным днём адправіўся аглядаць упадабаныя раней мейсцы на рацэ ўжо са спінінгам. Першасна наведаўся туды, дзе пазалетась бачыў уражальныя касякі галаўнёў, да якіх далучаліся нават рэдкія на той рацэ язі. Менавіта тады і там з’явіўся “Вандроўшчык”, то бок я пачаў здымаць крыху іншае, чым раней, і на беларускай мове. Але, як мы ведаем, год на год не прыходзіцца, выбачайце за абыходкавую фразу, і цяпер добрых галаўнёў я амаль не бачыў: выйшла парачка зірнуць на прынаду, што выпадкова плюхнулася ля іхняга кубла, ды вярнулася назад. А тая лукавіна, адкуль “пачаўся” Вандроўшчык, і ўвогуле, дзякуючы наватворнай пратоцы, ператварылася ў старыцу. Але ўсё ж не так сумна з рыбалоўляй было – невялікіх галавачыкаў хапала. А яны ахвотна хапалі прынады, прычым часцяком па-летняму: адразу пасля ўсплёску на прывадненні, ці на праводцы па паверхні. Хутка сцяміў, і якую тактыку выбраць, бо атакі назіраліся выключна пасля закіду супраць плыні, то бок рухацца трэба было ўверх па рацэ. Так і дацёгаўся да надвячорка, а, вяртаючыся, шчэ і крамяных лісічак набраў, каб пасмажыць для хуткага паядунку на патэльні з бульбачкай. А вось брусніц, шкада, не было, і ўзвару духмянага не пачаставалі. Таму здавольваліся гарбаткай з тых зёлак, што з сабой прывезлі, а на мейсцы шчэ лісця маліны дадалі. Акрамя таго, каб выкраіўшы час, паблытацца па рэчцы, была ў мяне й іншая задума. Пазалетась у канцы жніўня, знаходзячыся ў тых жа мясцінах, што і цяпер, захапіўся я ідэяй злавіць галаўня не на рацэ, а на штучным вадаёме. Цікава было рыбаліць на ім і таму, што з яго берагоў адкрываўся адметны краявід на сядзібу Умястоўскіх, старажытнага беларускага шляхецкага роду, не вельмі заможнага, але які карыстаўся вядомасцю і павагай. Упершыню я трапіў у Жамыслаў 16 гадоў таму, нават нарысы тады пра яго пісаў у газеты, і цяпер, калі бываю непадалёк, заўсёды стараюся сюды зазірнуць не толькі дзеля вуджэння. Пасля цікавага вадаёма ды маёнтка вырушыў уніз па рэчцы ніжэй вадаспаду ГЭС, што абсталявана на плаціне. Неўзабаве высветлілася, што на цячэнні можна на адну прынаду лавіць не толькі акуня, але і заўсёды жаданага мною галаўня. Хутка падабраў невялічкі ваблерок, які аднолькава добра цікавіў абодвух драпежнікаў. А сярод паласатых трапляліся і добрыя экзэмпляры. Вось так, зноўку трапіўшы на раку, спакваля ўцягнуўся ў сваю ўлюбёную рыбалоўлю: дынамічную, утульную ды сузіральную. Бо калі крочыш, а, тым больш, працярэбліваешся па рачным беразе, незнарок будзеш звяртаць увагу не толькі на вершалінку вудзільна ці на тое, куды ўпала прынада, а шчэ і на акаляючыя цябе дробязі. На засмяглы верас, праз які дзе-нідзе ўсё-ткі прабіваецца ліловая квецень, на цікаўных яшчарак, на павукоў з выкшталцонымі дасэнямі на спіне, на бухматых вусеняў, якія шматліка вывеліся толькі ў адной мясціне, на фацэтных жабак, што пазіраюць на цябе са сваіх “плацдармаў” – праснакоў гарлачыкаў. Ну а ўвечары, седзячы ля прытульнага вогнішча з кубачкам духмянай гарбаты ў руцэ, распавядаеш жонцы ды гадаванцам пра пабачанае. І крыху сумуеш, бо заўтра трэба збірацца назад. Скончваецца вераснёвае цяпло, скончваецца і наш адпачынак. Прывязем з яго добрыя ўражанні, цікавыя здымкі, назіранні ды нататкі. Каб потым на цёплай ляжанцы прыгадваць найлепшыя ды хвалюючыя моманты, чакаючы наступнага спаткання з маляўнічай і прытульнай ракой. Дзякуй за ўвагу і падтрымку!