Сайт использует сервис веб-аналитики Яндекс Метрика с помощью технологии «cookie». Пользуясь сайтом, вы даете согласие на использование данной технологии.
Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч дзеліцца сваімі ўспамінамі пра таленавітую беларускую паэтэсу Яўгенію Янішчыц. Некалі ён назваў яе “палескай ластаўкай” і такая характарыстыка прыжылася. Праз пяць гадоў пасля яе смерці ён распавёў пра творчасць і талент паэтэсы. Яўгенія Янішчыц – адзін з самых яркіх і выдатных талентаў у нашай нацыянальнай паэзіі. Таленавітая прыгажуня скарыла чытачоў і крытыкаў ці не адразу ж пасля першай кнігі “Снежныя грамніцы”. Яўгеніі было на той час 22 гады. Яна мела непараўнальны, незабыўны паэтычны голас. Яна зрабіла кар’еру ў Саюзе пісьменнікаў. І ў той жа час асабістае жыццё паэткі складвалася не вельмі ўдала… Яўгенія Янішчыц – (20 лістапада 1948, – 25 лістапада 1988) – беларуская паэтэса, перакладчыца. Нарадзілася ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці у сялянскай сям'і, бацька – бондар, цясляр, маці – працаўніца калгаса. Сям'я жыла спачатку ў вёсцы Рудка, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясніца. Першы муж маці Марыі Андрэеўны, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозвішча (аб гэтым яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці, Іосіф Патапчук – бацька Яўгеніі Янішчыц – памёр у 1975 годзе. Маці стала двойчы ўдавой і пакінула гэты свет у 2006 годзе. Дзяцінства будучай паэткі прайшло на вёсцы. У 1955 годзе яна пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы. У чацвёртым класе напісала свой першы верш і прысвяціла яго маці. Пасля заканчэння Рудкаўскай пачатковай школы вучылася спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, а 9–10 класы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён). Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысвечанай Я. Коласу. У снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда» з'явіліся першыя друкаваныя творы Яўгеніі. Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газеце, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. У 1966 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Стала дыпламантам беларускага фестывалю творчасці моладзі (1970). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1971) пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У гэтым жа годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка. Праз пэўны час з'ехала ў Чэхаславакію, дзе муж служыў ваенным журналістам. Аднак хутка вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа гадавала сына, шлюб у студзені 1976 года быў афіцыйна скасаваны. У 1976 годзе Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газету». Атрыманая ў 1977 годзе ў Мінску на вуліцы Ульянаўскай кватэра дазволіла канчаткова замацавацца ў сталіцы. У 1981 годзе Яўгенія удзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. 5 сакавіка 1982 года ў «ЛіМе» была надрукаваная паэтычная нізка пісьменніцы «Спакойныя вершы», прысвечаная паездцы ў ЗША. У 1983 годзе яна становіцца загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». У 1988 годзе атрымлівае новую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Старажоўскай ля Нямігі. У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына. У яе жыцці былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Цяжка і марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцця. Па афіцыйнай версіі, паэтка трагічна загінула. Яна выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў. Ніл Гілевіч асабіста быў блізка знаёмы з Яўгеніяй Янішчыц. Праз пяць гадоў ён сказаў гэтыя словы ў інтэрв’ю Уладзіміру Субату. Яшчэ праз пяць гадоў пасля інтэрв’ю Ніл Гілевіч напіша верш-прысвячэнне Яўгеніі Янішчыц “Я хацеў бы адно…” (1998). Вось ён: Успаміны пра Жэню? Даруйце, але… Я не здолею іх напісаць. Сэрца вугаль-графіт даастатку скрышыўся, ад жалю размяклы. Я хацеў бы адно – калі дойдзе мой голас – ёй ціха сказаць: «Кепска, Жэнечка... Долю здабыць Беларусі не можам ніяк мы…» === Інтэрв'ю запісана ў 1993 г. Аўтар – Уладзімір Субат, рэжысёр – Валянціна Гумілеўская.