«Нікому я гэтага не казала» Наталля Вішнеўская

Калі б не стос лістоў да паэта Сяргея Грахоўскага, мы б да крыўднага мала ведалі пра жыццё і лёс Н.В. — Наталлі Вішнеўскай — адной з найярчэйшых зорак паэтычнага Менска 1920-30-х гадоў. Кніга яе эпісталярнай і літаратурнай спадчыны «Неба мнагавокае», укладзеная паэтам і літаратуразнаўцам Віктарам Жыбулем, выйшла ў 2023 г. у жаночай выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаўм». Паводле кнігі на заказ выдавецтва «Пфляўмбаўм» рэжысёркі Святлана Бень і Інга Лізянгевіч стварылі аўдыёспектакль, які прапануецца вашай увазе. У выпадку ненаўмыснага парушэння аўтарскіх правоў просім вас звязацца з выдавецтвам. Беларуская паэтка, удзельніца «Маладняку», Наталля вучылася ў Белпедтэхнікуме, які ў той час быў асяродкам літаратурнага жыцця сталіцы. Якуб Колас лічыў Вішнеўскую надзеяй беларускай літаратуры, крытыкі адзначалі несумненны паэтычны дар дзяўчыны. З поспехам выйшаў яе сумесны з Яўгеніяй Пфляўмбаўм і Зінаідай Бандарынай зборнік вершаў. Але гэта быў толькі пачатак шляху, які, на жаль, з кожным годам будзе рабіцца ўсё цяжэй і пакутлівей. Першым мужам Наталлі быў Алесь Дудар — адзін з выбітных беларускіх паэтаў таго перыяду. Пасля яго арышту і высылкі, яе вымусілі развесціся з ім. Праз некалькіх гадоў нягод і пераследаў Наталля зноў выйшла замуж, за паэта з іх сяброўскага кола Алеся Звонака. Сямейнае жыццё было складаным і праз некалькі гадоў скончылася разрывам адносін. Неўзабаве ў 1937 годзе Звонак быў арыштаваны савецкімі ўладамі з палітычных прычын і на дзесяць год сасланы ў Магаданскую вобласць. Былы муж Наталлі Алесь Дудар таксама быў арыштаваны і расстраляны ў тым жа годзе. Пагроза арышту навісла і над Наталляй. Разам з маці яна была вымушаная ўцякаць і хавацца ва Ўкраіне ў сваякоў. Пазней — пераезд у Ленінград, далей ад пераследу, які яе чакаў у Беларусі, бясконцыя пошукі працы, спроба стварыць новую сям'ю з перакладчыкам, паэтам і кінакрытыкам Янкам Бобрыкам, знаёмым ёй яшчэ з часоў «Маладняку». Надзеі на лепшае абрывае Другая Сусветная вайна. Бобрык гіне ад голаду і хвароб у блакадным Ленінградзе. Наталля ў адзіночку выгадуе двух хлопчыкаў, узятых з дзіцячага дому, ажно да 1953 года будзе жыць пад назіраннем спецслужбаў, і так больш і не вернецца ў поўнай меры да паэтычнай творчасці. Але аднойчы яна атрымае ліст ад сваяка Янкі Бобрыка — вядомага паэта Сяргея Грахоўскага, які папросіць яе расказаць пра жыццё і гібель Янкі... З гэтага пачнецца доўгае ліставанне, якое абудзіць велізарную колькасць успамінаў і трапяткіх расповедаў аб перажытым. Гэтыя лісты, нешматлікія, у асноўным юнацкія, вершы і «Завея», адзінае апавяданне Наталлі Вішнеўскай — вось і ўвесь яе літаратурны архіў. Але праз гэтую сціплую па памерах творчую спадчыну вельмі ясна праступае пранізлівая гісторыя жыцця, такая ж, як тысячы гісторый, і адначасова не падобная ні на адну іншую. Чытаюць: Святлана Бень, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Тамара Кабяк, Максім Кульша, Ігар Лізянгевіч, Аляксандр Маўчанаў, Дзмітры Строцаў Рэжысёркі: Святлана Бень, Інга Лізянгевіч Кампазітарка: Вольга Падгайская Выдавецтва «Пфляўмбаўм» 00:00:00 Частка 1 00:13:59 Частка 2 00:31:49 Частка 3 00:46:49 Частка 4

Смотрите также