Сайт использует сервис веб-аналитики Яндекс Метрика с помощью технологии «cookie». Пользуясь сайтом, вы даете согласие на использование данной технологии.
Опэра "Дзікае паляваньне караля Стаха" (Уладзімер Караткевіч)
Спэктакль "Дзікае паляваньне караля Стаха" па матывах «гістарычнага дэтэктыва» Уладзімера Караткевіча ўжо стаў нацыянальнай музычнай класікай. Ён быў створаны ў 1989 годзе ў наўпростым «суаўтарстве» кампазытара Уладзімера Солтана з салістамі беларускай оперы ды пастановачнай групай у складзе дырыжораў Я. Вошчака й А. Анісімава, рэжысэра Ў. Цюпы ды мастака Э. Гэйдэбрэхта. У год пастаноўкі опэра двойчы была пададзена на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве й мела вялікі посьпех у сталічнай публікі. У 1990 годзе таленавітая праца кампазытара, пастаноўшчыкаў і выканаўцаў галоўных роляў Н. Кастэнкі, В. Скарабагатава й Ў. Экнадыёсава была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР. Унікальным для Беларусі зьявай стала выкананьне опэры ў «натуральных дэкарацыях» Траецкага прадмесьця ў Менску. Канфліктная завязка сюжэта опэры выклікае ў памяці знакамітую ангельскую аповесьць пра сабаку Баскэрвіляў, дзе таксама адзін са сваякоў задаўся мэтай зьнішчыць усіх прэтэндэнтаў на радавыя тытул і багацьце. Аднак, калярыт «Дзікага паляваньня» наскрозь беларускі. У музыцы ажывае непаўторны настрой містычнага хараства й жаху, якімі абвеяныя паданьні жыхароў таямнічых палескіх балот. Зьбіральнік фальклёру Беларэцкі заблукаў у лесе й трапіў у маёнтак Надзі Яноўскай – апошняй з прадстаўніц некалі багатага й шляхетнага роду. Дзяўчына змучана жахам нашэсьця страшнай коньніцы пад правадырствам караля Стаха. Як абвяшчае фамільная легенда, Стах быў вераломна забіты на паляваньні сваім сябрам Яноўскім-старэйшым. Беларэцкі бярэцца разблытаць таямнічую гісторыю з ажылымі мерцьвякамі…