Сайт использует сервис веб-аналитики Яндекс Метрика с помощью технологии «cookie». Пользуясь сайтом, вы даете согласие на использование данной технологии.
Віталь Рыжкоў, творчы вечар у Магілёве на #драмаDvor
20 ліпеня магілёўцы сабраліся паслухаць вершы і прозу ў аўтарскім выкананні на творчым вечары Віталя Рыжкова. Сустрэча прайшла ва ўнутраным дворыку магілёўскага Драматычнага тэатра - новай гарадской арт-пляцоўцы #драмаDvor, і была першай падобнай імпрэзай у гэтым утульным месцы. Віталь Рыжкоў – беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся і вырас у Магілёве, зараз жыве ў Мінску. Дэбютная кніга паэзіі Віталя «Дзверы, замкнёныя на ключы» (2010) была адзначаная прэміяй «Дэбют» імя М. Багдановіча. Віталь двойчы адзначаны прэміяй «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» за лепшыя паэтычныя падборкі. Фіналіст і пераможца некалькіх літаратурных конкурсаў. Удзельнік літаратурных літаратурных фэстываляў. Пераможца паэтычных слэмаў у Беларусі і Украіне. Вершы Віталя Рыжкова перакладаліся на дзясятак моваў свету. Перакладае на беларускую мову прозу (Эдгар Алан По, Віктар Марціновіч) і вершы (Тэйлар Мэлі, Майкл Сэлінджэр, Сяргій Жадан, Уладзімір Маякоўскі, Рышард Крыніцкі і інш). Песні на вершы і пераклады тэкстаў самога Віталя Рыжкова выконвалі Віталь Варанко, Ганна Хітрык, гурты Глюкі, Nizkiz, BarRokka, Zatoczka, Пані Хіда ды інш. Мае ўласны музычны рэп-праект Angst, удзельнічае ў гурце Belaroots.