Іосіф Іосіфавіч Жыновіч (сапраўднае прозвішча Жыдовіч) нарадзіўся 14 мая 1907 года ў вёсцы Арэшкавічы Пухавіцкага раёна ў сялянскай сям'і. Музычны талент перадаўся яму ў спадчыну: дзед і бацька не толькі цудоўна гралі на цымбалах, але і самі іх майстравалі. У 15-гадовым узросце Іосіф, які не ведаў нот і іграў на слых, адправіўся на праслухоўванне ў Першы Беларускі драматычны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Юны віртуоз уразіў прысутных сваім талентам і быў прыняты ў тэатральную трупу ў якасці музыканта-аркестранта. У 1922 годзе ён пачаў сваю прафесійную дзейнасьць. У 1926 годзе Жыновіч паступае ў музычную школу, а праз год - на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Будучы студэнтам БДУ, ён вучыўся ў Мінскім музычным тэхнікуме, так што дыпломы юрыста і музыканта атрымаў адначасова. Аднак любоў да мастацтва перамагла: Іосіф Жыновіч стаў канцэртмайстрам і салістам Беларускага дзяржаўнага ансамбля народных інструментаў, а ў 1941 годзе скончыў тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Беларускай кансерваторыі. Самы плённы перыяд у творчасці музыканта звязаны з Дзяржаўным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь (цяпер Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча), мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога Іосіф Іосіфавіч стаў у 1946 годзе. Менавіта як дырыжор гэтага аркестра Жыновіч набыў шырокую вядомасць у слухача і заваяваў прызнанне ў прафесійным асяроддзі. Калектыў пад кіраўніцтвам Іосіфа Жыновіча заклаў фундамент развіцця прафесійнага выканальніцтва на народных інструментах у Беларусі. Сам майстар і музыканты аркестра шмат зрабілі для адраджэння традыцыйных інструментаў - цымбал, ліры, жалейкі, дуды, акарыны і інш. Дзейнасць бліскучага выканаўцы, дырыжора і кампазітара была адзначана вышэйшымі ганаровымі званнямі Беларусі і Савецкага Саюза. У 1968 годзе яму было нададзена званне народнага артыста СССР і Дзяржаўная прэмія БССР. Памёр Іосіф Жыновіч у 1974 годзе. У памяць аб таленавітым музыку ўстаноўлена мемарыяльная дошка на доме ў Мінску, дзе ён жыў. Цяпер імя Іосіфа Жыновіча носіць адна са сталічных вуліц, а таксама Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі. --- Дзяржаўны аркестр БССР імя Іосіфа Жыновіча, 1979 год #иосифжинович