Міхал Клеафас Агінскі | Урокі гісторыі #27 з Андрэем Унучакам і Сяржуком Брышцелем

Агінскі Міхал Клеафас — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. Род Агінскіх быў адным з самых старажытных на Беларусі. Сям’я належала да вышэйшых арыстакратычных колаў, таму з першых гадоў жыцця хлопчык далучыўся да інтэлектуальных і мастацкіх каштоўнасцей, у тым ліку музыкі. Міхал Клеафас атрымаў рознабаковую адукацыю і зрабіў бліскучую кар’еру. Агінскаму не было і 20 гадоў, калі ён стаў дэпутатам сейма. У якасці паўнамоцнага прадстаўніка Рэчы Паспалітай Агінскі пабываў у многіх краінах Еўропы. Яму пашчасціла асабіста ведаць Гайдна і Моцарта, браць урокі ў славутых выканаўцаў, слухаць Н. Паганіні і іншых віртуозаў. Пералом у жыцці Міхала Клеафаса наступіў у 1794 г., калі ён увайшоў у Нацыянальны савет у якасці віленскага дэлегата і ў складзе аднаго з вайсковых фарміраванняў, створаных на яго ўласныя сродкі, змагаўся на баку касцюшкаўскіх паўстанцаў. Палітычны лёс Агінскага-змагара склаўся трагічна: пасля задушэння паўстання пачаўся сямігадовы шлях эмігранта-выгнанніка. Канец яго блуканням паклаў новы палацавы пераварот у Расіі. Пасля ўступлення на трон Аляксандра I, у Агінскага з’яўляецца рэальная магчымасць вярнуцца на радзіму і прадоўжыць грамадска-палітычную і мастацкую дзейнасць. 28 красавіка 1802 г. Міхал Клеафас Агінскі едзе ў в. Залессе, у падараваны яму маладзечанскім графам Францішкам Ксаверыем Агінскім даўні родавы маёнтак. Атрымаўшы магчымасць жыць на Беларусі і ўзаконіўшы свае правы нашчадка, князь Міхал, з надзеямі на лепшую будучыню, пачынае новы этап жыцця: стварае новую сям’ю, аднаўляе занядбалую дзядзькаву гаспадарку. Залессе ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтр, жыццё якога поўнілася музычнымі падзеямі. Мастацкая атмасфера спрыяла творчасці: Агінскі працуе над камерна-вакальнымі і інструментальнымі мініяцюрамі, пачынае пісаць свае літаратурныя творы - чатырохтомныя “Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.”, у якіх ён неаднаразова падкрэсліваў сваё ліцвінскае паходжанне (выдадзены ў Парыжы ў 1827-1828 гг.) і трактат “Лісты пра музыку” (закончаны ў 1828 г.). Менавіта тут, у Залессі, Агінскі напісаў свой славуты паланез “Развітанне з Радзімай”. У 1817 г. у Вільні надрукаваны два зборнікі паланезаў і рамансаў. У 1822 г. Агінскі з сям'ёй пакінуў Беларусь назаўсёды і выехаў у Італію. Памёр кампазітар 15 кастрычніка 1833 года. Пахаваны на кляштарных могілках пры храме Санта Марыя Навэла, пазней перапахаваны ў пантэон Санта Крочэ. У красавіку 1996 года ў Фларэнцыі, на доме, дзе жыў Агінскі, адкрылася мемарыяльная дошка (скульптар В. Янушкевіч). Падпісвайцеся на наш канал і цісніце на званочак, каб не прапусціць новыя відэа.

Смотрите также