Янка Лучына і (не)магчымасць беларускага друку ў імперыі: Сведчаць арыгіналы

Сёння прапаную згадаць аднаго з пачынальнікаў новай альбо сучаснай беларускай літаратуры – Янку Лучыну. Не будзем расказваць яго біяграфію, не будзем і спяваць хвальбу яго творчаму генію. Але звернемся да арыгіналаў – да яго прыжыццёвых публікацый, якія вышлі па-беларуску. Галоўная заслуга Янкі Лучыны, які жыў і працаваў у другой палове 19 стагоддзя, – у аднаўленні літаратурнага беларускага жыцця ў Расійскай імперыі ў самы нялёгкі для яе час. Мы ведаем, што пасля паўстання 1863 года для беларускай літаратуры наступіў вельмі неспрыяльны перыяд, калі амаль нічога нельга было ні апублікаваць, ні нават агучыць публічна. Друк па-беларуску фактычна быў пад забаронай. Спынілася творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, не маглі выйсці ў Беларусі ні творы Францішка Багушэвіча, ні працы Аляксандра Ельскага, ні беларускія вершы Вінцэся Каратынскага, ні якога іншага з тагачасных беларускіх літаратараў. А вось Янка Лучына здолеў пераступіць гэтую як падавалася непераадольную перашкоду. На жаль, кнігу сваіх беларускіх вершаў ён выдаць так і не здолеў, хаця думаў пра гэта. Але ён цудоўна разумеў, што цэнзура не прапусціць такое выданне. Таму яго паэтычны зборнік “Вязанка” выйшаў толькі пасля смерці паэта і не ў Беларусі, а ў Пецярбургу. Больш таго выдаўцам давялося падманваць цэнзуру, каб беларускае слова дайшло да чытача. Яны прадставілі гэту кнігу як выданне на балгарскай мове. Як мы разумеем у той час па-балгарску ў імперыі выдаваць паэзію было можна, а па-беларуску – не. Дык што ж змог выдаць па-беларуску сам Янка Лучына і як ён гэта зрабіў? Зараз пакажу. Літаральна нядаўна я атрымаў магчымасць больш уважліва пазнаёміцца з газетай “Мінскій лісток”. У ёй ад самых першых нумароў Янка Лучына пачаў публікаваць свае рускамоўныя вершы. Пра іх цяпер казаць шмат не буду, бо з рускамоўнай паэзіяй тады праблем не было: рускія вершы публікаваліся масава па ўсёй Беларусі. Але! У гэтай жа газеце ўпершыню быў апублікаваны і беларускамоўны верш Янкі Лучыны “Вясновай парой”. Адбылося гэта яшчэ ў 1889 годзе. Але сапраўдным трыюмфам для Янкі Лучыны стала супрацоўніцтва з іншым выданнем. У 1892 годзе рэдакцыя газеты “Мінскій лісток” надумала выдаць "Паўночна-Заходні каляндар" з літаратурным дадаткам – Альманахам. Дык вось у гэтым альманаху і пачалі адзін за адным публікавацца вершы Янкі Лучыны. Цікавы для вывучэння і сам каляндар. Тут мы бачым сам каляндар. Спачатку праваслаўны, а затым таксама каталіцкі і іўдзейскі, апісанні мясцовых святыняў, кошты праезду на чыгунцы і параходамі па ўсёй Беларусі, пералікі ўсіх нашых гарадоў, кірмашоў і шмат іншага! Але вось Альманах унутры календара – гэта сапраўднае адкрыццё! Яго адразу ж адкрывае беларускі рэкламны верш: Пакуль год новы настане на свеце, Каляндар гэты, паночкі, купеце!.. Гэты верш прыпісваецца Янку Лучыну. Хаця тут ёсць некаторыя сумневы, бо, тэарэтычна, яго мог напісаць і рэдактар ды выдавец календара – Аляксандр Слупскі. Аўтарства пад вершам не абазначана. Гэты ж Аляксандр Слупскі змясціў у гэтым выданні свой “Народны каляндар”, складзены на аснове беларускіх народных прыкмет, абрадавых песень і прыпевак, а таксама артыкулы “Гісторыя Мінска” і “Легенда пра Магілёў”. Але гартаем наш Альманах у Календары і бачым, тут ужо абсалютна дакладна бачым знакаміты верш Янкі Лучыны “Роднай старонцы” Многія са школы памятаюць словы: Ты параскінулась лесам, балотамі, Выдмай пясчанай, неураджайнаю, Маці-зямліца, і умалотамі. Хлеба нам мерку не даш звычайную. І подпіс унізе: Н-скі Трошкі далей бачым яшчэ адзін верш Янкі Лучыны, які падпісаны як “Горсць пшаніцы” (Вольнае наследаванне з Кандратовіча)". Маецца на ўвазе Людвік Кандратовіч – гэта значыць Уладзіслаў Сыракомля. А подпіс пад вершам – ужо канкрэтна – Янка Лучына! У календары на наступны 1893 год мы з вамі знойдзем яшчэ больш вершаў Янкі Лучыны Паглядзіце толькі: Адзін за адным: "Стары ляснік", "Бусел" (беларуская версія верша таго ж Кандратовіча-Сыракомлі), “Надта салодкія думкі” і знакаміты “Ямшчык” – усё гэта таксама беларускія апрацоўкі вершаў Уладзіслава Сыракомлі, зробленыя Янкам Лучынаю. Вось так на літаратурны парнас узышоў гэты цудоўны паэт. Такім незвычайным шляхам беларускае слова выйшла нарэшце друкам, нягледзячы ні на якія цэнзурныя абмежаванні. Гэтыя вершы Янкі Лучыны проста схаваліся ў літаратурным альманаху. Альманах у сваю чаргу быў часткаю звычайнага і на першы погляд бяскрыўднага, але вельмі запатрабаванага календара. А каляндар выдавала рэдакцыя мясцовай газеты “Мінскі лісток”, якая працавала хутка і наспех друкавала самыя розныя матэрыялы. Цэнзура за імі проста не паспявала. У выніку беларускае слова нарэшце трапіла да свайго чытача, выйшла друкам і выклікала сапраўдны фурор, калі казаць сучаснай моваю. Яно пераканала саміх беларусаў, што ў іх ёсць усё ж шанец на развіццё сваёй роднай мовы і культуры. #янкалучына #беларускаялітаратура #цэнзура

Смотрите также